ЗЕНІ́ТНЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для знішчэння паветраных цэлей зенітнымі кіроўнымі ракетамі (ЗКР); адзін з асн. сродкаў ППА. Сукупнасць функцыянальна і тактычна звязаных адзіным камандным пунктам З.р.к. утварае зенітную ракетную сістэму (ЗРС).

Распрацаваны ў канцы Вял. Айч. вайны, у 1950-я г. прыняты на ўзбраенне ў арміях СССР, ЗША і інш. Мае адну ці некалькі пускавых установак, сродкі выяўлення, апазнавання і цэлеўказання, а таксама кіравання ЗКР, тэхн. сродкі (трансп., рамонтныя і інш.) і крыніцы эл. сілкавання. Адрозніваюць наземныя і карабельныя З.р.к.; далёкага дзеяння (на адлегласці больш за 100 км), сярэдняй (ад 30 да 100 км) і малой (ад 10 да 30 км) далёкасці, бліжняга дзеяння (да 10 км); усепагодныя і неўсепагодныя; стацыянарныя і рухомыя (самаходныя, буксіравальныя і пераносныя). Падраздзяленні ППА Узбр. Сіл Беларусі забяспечаны З.р.к. малой далёкасці «БУК», блізкага дзеяння «ОСА-АКМ», а таксама ЗРС С-300 П (С-300-В), С-200-В («Вега») і інш.

З.А.Валевач.

Да арт. Зенітны артылерыйскі комплекс: зенітны пушачна-ракетны комплекс «Тунгуска-М».
Зенітны ракетны комплекс БУК-М1.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)